Вход в систему



Просмотры материалов : 124512

Студенту

Гісторыкі ўчора і сёння PDF Печать E-mail

Многія лічаць гістарычны факультэт нашага ўніверсітэта адным з самых маладых. І такое меркаванне быццам бы слушнае. У гэтым годзе гістфак святкуе дзесяцігоддзе, толькі дзесяцігоддзе – з моманту аднаўлення дзейнасці. Гістарычная ж адукацыя ў нашай навучальнай установе мае даўнія традыцыі і адлічвае пачатак з 1918 года. Наш гістфак даў імпульс развіццю гістарычнай адукацыі ў БДУ і Магілёўскім універсітэце. Аднак пра ўсё паслядоўна…

Тое, што гісторыкаў пачалі рыхтаваць у Віцебску, невыпадкова. На рубяжы ХІХ – ХХ ст. у горадзе склалася ўнікальнае гісторыка-культурнае асяроддзе. Тут працавала цэлая пляяда выдатных гісторыкаў і краязнаўцаў: А.П. Сапуноў, Е.Р. Раманаў, Дз.І. Даўгяла, У.К. Стукаліч, М.Я. Нікіфароўскі і іншыя. У Віцебску дзейнічаў першы ў Беларусі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг, былі створаны музеі. Гістарычныя і этнаграфічныя даследаванні вяліся Губернскім статыстычным камітэтам, Віцебскай вучонай архіўнай камісіяй. Па ініцыятыве камісіі ў 1911 годзе ў Віцебску было адкрыта аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Менавіта Віцебскі педінстытут стаў першай на тэрыторыі Беларусі вышэйшай навучальнай установай, дзе рыхтавалі гісторыкаў. На пачатку 1920-х гг. гістарычныя дысцыпліны тут выкладалі такія вядомыя навукоўцы як П.М. Ардашаў, А.П. Сапуноў, У.М. Перцаў, М.В. Мялешка.  У 1924 годзе падрыхтоўка гісторыкаў у Віцебску прыпынілася ў выніку аб’яднання інстытута з БДУ.
У 1930-я гг. педагагічны інстытут у Віцебску быў адноўлены. У ВДПІ пачаў працу і гістарычны факультэт. У 1930-я – 1950-я гг. тут выкладалі М.В. Кочатаў, М.Б. Фрыдман, В.І. Гарамыкіна, Г.А. Грэчкін; у пачатку 1940-х чыталі  спецкурсы вядомыя расійскія гісторыкі – акадэмік Я.В. Тарле і прафесар С.У. Бахрушын. У 1955 годзе факультэт быў пераведзены ў Магілёў. Аднак і пасля гэтага ў ВДПІ выкладалі  выдатныя спецыялісты, напрыклад, Н.І. Дарафеенка, В.С. Савіцкая, П.В. Аляксеенкаў.
Падрыхтоўка студэнтаў па гістарычнай спецыяльнасці ў ВНУ была адноўлена на пачатку 1990-х гг., але на філалагічным факультэце. Потым вялася на факультэце беларускай філалогіі і гісторыі, а вось у 2001 годзе адбылося аднаўленне дзейнасці гістарычнага факультэта. Першым дэканам стаў доктар гістарычных навук, прафесар В.А. Космач (да 2009 г.). Сёння факультэт узначальвае кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.М. Шорац.
Усяго за дзесяць гадоў факультэт падрыхтаваў звыш 1000 спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі і культуры, турысцкіх фірмах, органах улады і кіравання, праваахоўных органах, рэлігійных установах.
На сённяшні дзень на факультэце вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях: «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны», «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (культурная спадчына і турызм)», «Тэалогія» (на дзённай форме навучання) і «Гісторыя», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія (інфармацыйнае забеспячэнне)», «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (культурная спадчына і турызм)» (на завочнай форме навучання).  Усяго навучаюцца 404 студэнты на дзённым і 565 на завочным аддзяленні. У 2012 годзе адбудзецца першы набор на спецыяльнасць «Гісторыя. Англійская мова».
Вучэбны працэс забяспечваюць чатыры факультэцкія кафедры: гісторыі Беларусі, усеагульнай гісторыі і сусветнай культуры, філасофіі і эканамічнай тэорыі. На іх працуюць звыш 50 выкладчыкаў, у тым ліку пяць дактароў навук, прафесароў і больш за  30 кандыдатаў навук, дацэнтаў. Шэраг выкладчыкаў – выпускнікі гістфака. З 2009 года  студэнты і выкладчыкі, дзякуючы ўдзелу ў праграме TEMPUS, атрымалі магчымасць стажыравацца ў вядучых ВНУ краін Еўропы.
На факультэце вядзецца навукова-даследчая і выхаваўчая работа. Нашы гісторыкі вядомыя сваімі навуковымі працамі ў краіне і за мяжою. Пры кафедрах дзейнічаюць навуковыя гурткі. Рэгулярна праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі. Выпускнікі маюць магчымасць паступіць у магістратуру і аспірантуру.
Студэнты-гісторыкі жывуць актыўным грамадскім і творчым жыццём. На гістфаку дзейнічаюць інфармацыйныя групы, клубы «Краязнавец» і «Спадчына», валанцёрскі клуб «Вытокі міласэрнасці», канцэртная група.
Гістарычны факультэт дынамічна развіваецца. Складнікі паспяховай працы факультэта простыя: прымяненне сучасных тэхналогій навучання, комплексны падыход да ацэнкі ведаў студэнтаў, наданне адукацыі практычнай скіраванасці, выкарыстанне вопыту лепшых ВНУ Беларусі і еўрапейскіх краін.

Анатоль ДУЛАЎ,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі.


 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack