|

Напярэдадні 100-годдзя ўніверсітэта гасцямі нашага факультэта былі выпускнікі: Анатоль Камовіч – дырэктар тэлерадыёкампаніі «Віцебск», Сяргей Панцюхоў – рэжысёр віцебскага тэлебачання, Ганна Русцікава – вядучая «Віцебскага весніка» і Алена Ціханава – рэдактар абласнога радыё. Можна смела сказаць, што на сустрэчы прысутнічала эліта віцебскага радыё і тэлебачання.
Усе госці расказвалі пра сябе, вучобу ва ўніверсітэце, і канешне, прыгоды са студэнцкага жыцця. Як высветлілася, не ўсе з гасцей марылі звязаць свой лёс з працай на тэлебачанні. Так атрымалася, што ў складаныя 90-я гады «трэба было круціцца хто як мог, выкарыстоўваць любы зручны момант». Аднак ніводны з іх не шкадуе, што стаў працаваць у сродках масавай інфармацыі.
Асноўным выступоўцам на мерапрыемстве быў Анатоль Камовіч. Ён адразу прыгадаў гісторыю віцебскіх СМІ. Так, тэлебачанню споўнілася 50 гадоў, а радыё – ужо больш за 70.
– Але, на жаль, пакуль што няма свайго ўласнага канала, – адзначыў дырэктар тэлерадыёкампаніі, – даводзіцца працаваць на такія каналы як «ЛАД», «БТ», «МИР». Некаторыя праграмы ствараюцца для замежных краін.
На пытанне: «Якім жа павінен быць журналіст?» усе майстры слова аднагалосна сцвердзілі – сумленным і адказным прафесіяналам. Але Анатоль Камовіч усё ж такі адзначыў, што паміж карэспандэнтам газеты і супрацоўнікам тэлебачання ёсць розніца. Газетчыка «кормяць ногі», а значыць, ён павінен быць ініцыятыўным, знаходлівым, тонка разумець псіхалогію кожнага чалавека, з якім працуе. Супрацоўнік тэлебачання павінен валодаць выключным артыстызмам падчас правядзення перадач, быць падрыхтаваным да розных форс-мажораў падчас эфіру. Радыёрэдактары ж – гэта «байцы нябачнага фронту», яны спалучаюць у сабе рысы адных і другіх.
Не сакрэт, што ўсе супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі маюць вялікі прафесійны вопыт. Ім давялося рыхтаваць такіх вядомых і таленавітых людзей, як Сяргей Кухто, які раней таксама быў рэжысёрам, а зараз працуе дырэктарам тэлеканала «ЛАД».
Падчас размовы кожны адказ на студэнцкія пытанні госці падмацоўвалі «журналісцкім» гумарам, жартамі, цікавымі гісторыямі з іх тэлевізійнай практыкі. А напрыканцы Анатоль Камовіч адзначыў, што кампанія заўсёды рада будзе бачыць у сваіх радах адказных, таленавітых і крэатыўных людзей.
Дзяніс Мацвееў,
студэнт 4 курса ФБФК. На здымку: супрацоўнікі
тэлерадыёкампаніі «Віцебск».
Фота аўтара. |