Вход в систему



Просмотры материалов : 124488

Студенту

Сумленнасць – галоўны прынцып яго жыцця PDF Печать E-mail



Уладзімір Міхайлавіч Троіцкі, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту,  напачатку мая адзначыў свой 60-ы юбілейны дзень нараджэння.

Нарадзіўся юбіляр у пасёлку Юдзіна, што знаходзіцца недалёка ад Казані ў Татарстане, у сям’і  чыгуначнікаў. Пасля школы паступіў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча на памочніка машыніста. Пасля яго заканчэння працаваў чатыры гады па спецыяльнасці. Але любоў да спорту, асабліва да біятлону, не давала юнаку спакою. Таму калі ў 1972 годзе трэнер Валянцін Аляксандравіч Курчатаў запрасіў Уладзіміра ў Віцебск, каб  развіваць спартыўныя здольнасці, ён згадзіўся. У хуткім часе на ўсесаюзных спаборніцтвах па біятлоне Уладзімір Троіцкі стаў чэмпіёнам СССР у маладзёжным першынстве. Выступаў ён на спаборніцтвах і за Расію.

– Вельмі ў той час хацелася вярнуцца на Радзіму, у Татарстан, але я застаўся ў Віцебску, – успамінае Уладзімір Міхайлавіч, –  трэба ж было скончыць тэхнікум фізічнай культуры. Былі на тое і іншыя прычыны. У 1974 годзе ажаніўся. Дарэчы, мая жонка, Ларыса Аляксандраўна, ужо шмат гадоў працуе ў нашым універсітэце на кафедры фізічнай культуры...

У 1975 годзе Уладзімір Міхайлавіч вярнуўся ў родныя мясціны. Паступіў у Казанскі педагагічны інстытут на факультэт фізічнага выхавання і спорту, пазней працаваў кіраўніком рэспубліканскага спартыўна-стралковага клуба. Выхаваў не адно пакаленне спартсменаў. Напрыклад, яго выхаванец Сямцоў Аляксандр Аляксеевіч стаў чэмпіёнам Расіі па ваенна-прыкладным шматбор’і. А ў 1978 годзе каманда Татарстана, якую курыраваў У. М. Троіцкі, заваявала тытул чэмпіёна Расіі.

Але не толькі знакамітымі спартсменамі, якіх выхаваў,  можа ганарыцца Уладзімір Міхайлавіч. Яго не меншы гонар – сыны.  “Мае пацаны”, – ласкава гаворыць пра нашчадкаў  бацька. Абодвум даў вышэйшую адукацыю. Старэйшы сын вярнуўся на радзіму бацькі і застаўся там працаваць, малодшы жыве  побач, у Віцебску.

Уладзімір Міхайлавіч узначальваў спартыўны клуб у Тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці (зараз ВДТУ). З 1987 года быў  старшынёй аналагічнага клуба ў  Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя  С. М. Кірава. З 2000 года працаваў у Віцебскім медыцынскім універсітэце. А ў 2008 годзе зноў вярнуўся ў наш універсітэт. Зараз Уладзімір Міхайлавіч – адказны за спартыўна-масавую работу на фізічным факультэце.

Ён –  чулы да студэнтаў, добры выкладчык.

Як сказаў сам Уладзімір Міхайлавіч, “галоўны прынцып маёй працы – рабі яе так, каб потым не было сорамна. І пастарайся чаму-небудзь навучыць студэнтаў, каб гэта потым спатрэбілася ім у жыцці”.

Наталля Паўлоўская, студэнтка 3-га курса ФБФК.

 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack