|

Прызнаюся, заўсёды захаплялася людзьмі, якія, дасягнулі ў сваёй справе значных вяршынь і з задавальненнем расказваюць пра тонкасці свайго майстэрства іншым. Да ліку такіх адносіцца таленавіты мастак, старшы выкладчык кафедры “Выяўленчага мастацтва” Міхаіл Васільевіч Ляўковіч, які ў пачатку сакавіка святкаваў свой юбілейны дзень нараджэння.
Яшчэ падчас вучобы ў школе некаторыя настаўнікі прадказвалі Мілаілу Васільевічу таленавіты лёс мастака. І не памыліліся. Хаця сам будучы творца ў тыя часы хацеў стаць то лётчыкам, то мараком. Некаторы час вучыўся ў Наваполацкім нафтавым тэхнікуме. Але мара стаць мастаком яго не пакідала, і таму Міхаіл Васільевіч кідае навучанне ў Наваполацку і ідзе ў школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Першая спроба паступіць на мастацка-графічны факультэт інстытута імя С. М. Кірава была няўдалая - не прайшоў па конкурсе і патрапіў у войска. Яму пашанцавала: групай мастакоў, куды ўваходзіў і Міхаіл Васільевіч, на той час кіраваў афіцэр, які разбіраўся ў мастацтве. Калі вярнуўся з арміі – паступіў, паспяхова закончыў мастацка-графічны факультэт інстытута імя С. М. Кірава і застаўся там выкладаць “Малюнак. Жывапіс. Кампазіцыю”.
Свой прафесійны творчы шлях Міхаіл Васільевіч пачынаў як мастак-акварэліст. Першая яго выстава адбылася ў 1976 г. у сценах інстытута. Быў заўважаны. І ў хуткім часе імя творцы гучала па радыё і тэлебачанні, пра яго пісалі газеты. Значным штуршком для развіцця яго асабістага акварэльнага жывапісу стала VIII Рэспубліканская выстава акварэлі, якая праходзіла ў Мінску.
У 1991 г. Міхаіл Васільевіч прымаў удзел у конкурсе сярод мастакоў на лепшы твор, які ацэньвалі мастацтвазнаўцы з Трэцьякоўскай галерэі. Там ён атрымаў дыплом і першую прэмію па акварэлі. З гэтага і распачаўся новы этап у творчай дзейнасці мастака: міжнародныя выставы (у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі і ЗША ). Адна са знакавых – маштабная выстава акварэлі, якая праходзіла ў 2001 г. у Стамбуле. Не застаецца па-за ўвагай мастака і яго выкладчыцкая дзейнасць у нашым універсітэце. Як кажа Міхаіл Васільевіч, яму шанцуе на студэнтаў, якія з павагай ставяцца да яго. “Аддай студэнту тое, чым валодаеш сам , але пры ўмове, што ён зацікаўлены ў атрыманні ведаў. Бо студэнтам не трэба нанова вынаходзіць кола. Сядай і едзь!” – такое, па словах Міхаіла Васільевіча, яго крэда ў выкладчыцкай працы.
Вікторыя Аляксандрава, студэнтка 4 курса ФБФК.
|