|
Менавіта пад такой назвай у гэтым годзе праводзіцца рэспубліканскі конкурс творчых прац студэнтаў і навучэнцаў па сацыяльна-гуманітарных навуках, які прысвечаны 65-й гадавіне заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і перамозе Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй. Такія конкурсы − гэта магчымасць не толькі пашырыць веды моладзі, паглыбіць даследаванні, але і годна ўшанаваць подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. Такім чынам, такія мерапрыемствы выконваюць не толькі пазнавальныя, але і выхаваўчыя функцыі.
Конкурс прадугледжвае некалькі этапаў: канферэнцыі ва ўстановах адукацыі, абласны і рэспубліканскі. Першы такі этап прайшоў у нашым універсітэце 20 лістапада, арганізаваны Саветам СНТ на чале з яго старшынёй − кандыдатам гістрычных навук, дацэнтам А.Л. Дзядзінкіным. Канферэнцыя сабрала студэнтаў розных факультэтаў, аб’яднаных мэтай даследавання, цікаўнасцю да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Канферэнцыя пачалася з уступнага слова старшыні журы − загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта В.У. Акуневіча, які распавёў ўдзельнікам канферэнцыі пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе, яго мэты і пажадаў поспехаў. Прарэктар па выхаваўчай рабоце І.В. Бондал адзначыла каштоўнасць і неабходнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, а таксама расказала пра дасягненні студэнтаў нашага універсітэта ў навуковай і творчай дзейнасці.
Выступленні студэнтаў былі прысвечаны розным тэмам. Так, напрыклад, некаторых зацікавіла тэматыка абарончых баёў лета 1941 года на Віцебшчыне. Але большасць дакладаў была прысвечана тэме акупацыі Віцебска: дзейнасць праваслаўнай царквы, акупацыйны перыядычны друк, подзвіг віцебскіх чыгуначнікаў, канцэнтрацыйныя лагеры і іншыя. Таксама ўдзельнікі конкурсу зацікавіліся трагічным і гераічным лёсам М.П. Шмырова, адлюстраваннем вайны ў творчасці А. Адамовіча, В. Быкава, К. Чорнага.
І вось, нарэшце, журы аб’яўляе пераможцаў: першае месца - Таццяна Гапоненка, студэнтка 23 групы гістарычнага факультэта, якая выступіла з тэмай “Канцэнтрацыйныя лагеры ў Віцебску ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Другое - Іван Клінцоў (студэнт 11-й групы ГФ) за працу “Вклад авиации дальнего действия в победу в ВОВ сквозь призму глаз поэта-фронтавика”, які распавёў пра лёс свайго дзядулі. Трэцяе месца атрымала Юлія Бахір, студэнтка 31 группы гістарычнага факультэта за працу пад назвай “Горад Дзісна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Першы сакратар ПА ГА “БРСМ” універсітэта А.В. Радзевіч уручыў пераможцам ганаровыя граматы і падарункі, астатнія удзельнікі атрымалі Падзякі.
Ірына Паршута, студэнтка 4 курса ГФ. |
Комментарии
RSS лента комментариев этой записи.