|
Хутка Новы год. Людзі пачынаюць паціху ўжо варушыць старыя елачныя ўпрыгожванні, набываюць новыя замест сапсаваных мінулагодніх, успамінаюць прыемныя моманты, звязаныя з імі. Хтосьці адносіцца да гэтага перыяду спакойна, а камусьці вельмі важна паразважаць і падвесці вынік свайго жыцця, вынік усяго, што адбылося ў 2011годзе.
Наш універсітэт таксама не выключэнне. За ўвесь вучэбны год ва ўніверсітэце прайшоў шэраг цікавых мерапрыемстваў. Гэта розныя выставы, конкурсы, спаборніцтвы, канцэрты. Сярод іх выступленні каманд КВЗ, конкурс «Міс Студэнцтва», фестываль «Арт-восень» і іншыя. Усе яны былі яркія, па-свойму арыгінальныя. Апошнім мерапрыемствам, якое я наведала ў гэтым годзе, стаў вечар падвядзення вынікаў працы студэнцкіх атрадаў Віцебскай вобласці, які арганізавалі абласны камітэт БРСМ (першы сакратар Д. Хама) і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама (начальнік аддзела В. Кунашка). Канцэрт атрымаў назву «Бульбяное шоу». У КЗ «Віцебск», дзе адбылося шоў, сабраліся не толькі студэнты нашага ўніверсітэта, але і госці з іншых навучальных устаноў і гарадоў вобласці – з Полацка, Наваполацка, Лепеля, Оршы. Гэта быў доўгі вечар: шэсць блокаў ўзнагароджанняў, што перамяшаліся з песнямі, танцамі, конкурсамі. Ад колькасці атрыманай інфармацыі мы нават стаміліся, але і атрымалі моцны зарад энергіі і пазітыву, асабліва пасля выступлення каманд КВЗ. На сцэне было горача ў прамым сэнсе гэтага слова.
Увогуле шоў запомнілася. Здзівіла вялікая колькасць пераможцаў у розных намінацыях. Аказваецца, ёсць сярод нас людзі таленавітыя, здатныя да любой працы. І яны з вялікай радасцю і захапленнем выходзілі на сцэну, атрымлівалі свой прыз. Кожны з нас, гледачоў, ганарыўся сваімі знаёмымі, сябрамі, якім пашчасціла трапіць у пераможцы. Я неяк выпадкова пачула, як дзяўчына, што сядзела перада мной, прашаптала сваёй суседцы: «Глядзі, зараз нашы пойдуць!». Гэта добра, што людзі так хваляваліся за сваіх, радаваліся разам з імі. Асабіста я адчула гонар, калі на сцэну выйшаў прадстаўнік нашага роднага ўніверсітэта – Ілля Цімафееў, які быў камандзірам атрада «Атлантыда». Атрад Іллі атрымаў другое месца ў намінацыі «Лепшы педагагічны атрад». І было за што. Гэта быў з’яднаны адзінаю душою, адзіным імкненнем калектыў, які арганізаваў вялікую колькасць творчых мерапрыемстваў, у тым ліку спартыўных і экалагічных. У выніку за сваю дзейнасць наша «Атлантыда» атрымала падзяку ад кіраўніцтва лагера і запрашэнне на працу ў наступным годзе ў поўным складзе.
Марыя Санько,
студэнтка 4 курса
ФБФК.
|