Вход в систему



Просмотры материалов : 124442

Студенту

Чортаў камень. Таямніца маёй зямлі PDF Печать E-mail



Колькі яшчэ невядомага, таямнічага тоіць наша зямля? А цікавага? Якое хочацца пазнаць і даследаваць праз малавядомыя звесткі, легенды, паданні.

Пра такую таямніцу хачу паведаміць я—камень, другі па велічыні на Беларусі, празваны у народзе Чортаў камень. Знаходзіцца славутасць у Сеннінскім раёне, каля вёскі Сякірына недалёка ад маёй роднай вёсачкі.

Убачыўшы яго, адразу ўражваюць памеры:даўжыня 10,2м, шырыня 6м, вышыня 2,7м, у абводзе 26,4м, аб’ ём 60м, маса бачнай часткі каля 150 т.Тое, што ён знаходзіцца большай часткай пад зямлёй, яго  памеры вызначаны і змераны  даследчыкамі, якія цікавіліся каменем.

Існуе паданне, чаму ён атрымаў назву Чортаў камень.Змест падання ведае, бадай, кожны жыхар навакольных мясцін.
У камня з аднаго боку, што глядзіць на поўдзень, пакаты схіл, другі бок—крута абрываецца ў невялікую, але вельмі глыбокую, луміну.На адлогім схіле ёсць упадзіна, а побач круглыя і падоўжаныя ўвагнутасці,якія нагадваюць нажніцы.

Аднойчы, у час сенажаці, вяскоўцы хацелі змерыць глыбіню луміны. Звязалі дзве даўжэнныя  жардзіны, але да дна так і не дасталі. Дык вось, калі толькі сяляне пачалі будаваць сваю вёску, пасяліўся ў луміне вялікага камня чорт. Раней ён жыў у адзінай чарцінай сям’ і ў вялікім балоце. Усе чэрці, як і павінна быць, рабілі для людзей дрэнныя справы. Але гэты чорт быў добры і для людзей рабіў толькі добрае. Неўзлюбілі яго астатнія чэрці  і выгналі са свайго балота.

Месца каля камня было ціхае. Наваколле парасло хмызняком, побач працякала рака Абалянка з глыбокімі вірамі.Там і пасяліўся Чорт.

Спадабалася яму справа шаўца. І людзі неяк аб гэтым даведаліся. Калі якой-небудзь жанчыне патрэбна было пашыць адзенне, яна ўвечары, калі пачынала змяркацца, брала адрэз кужэльнага або зрэбнага палатна, клубок нітак, несла да камня, клала на яго палогі схіл і прасіла:”Чорт, добры наш чорт, пашый майму Івану кашулю!”.І ішла дадому.Раніцай прыходзіла да камня і на тым жа месцы знаходзіла кашулю, якая была пашыта вельмі дакладна і якраз па росту яе Івана. І такім чынам усе сяляне шылі сабе вопратку. Многія з іх хацелі паглядзець, як Чорт шые,але нікому гэта не ўдавалася.

Мясцовыя сяляне і Чорт жылі ў вялікай згодзе, а на Купалле моладзь нават прыходзіла да камня і кідала кветкавыя вянкі ў луміну, вада пры гэтым неяк па- асобаму ўздрыгвала і свяцілася месячным бляскам.

Але добрым адносінам Чорта з сялянамі пачаў зайздросціць адзін шавец з суседняй вёскі. А можа яго і падвучылі астатнія чэрці? Прынёс ён кавалак зрэбніцы, паклаў на камень і загадаў: “Пашый мне ні тое, ні сёе.” Раніцай знайшоў штаны, у якіх з двух бакоў прышыты былі рукавы ад кашулі.

Абурыўся Чорт на такія здзекі і перастаў шыць вопратку сялянам. Жыў ён вельмі сціпла і на вочы людзям не паказваўся. Але жыццё яго лепей не стала. Прыйшлі новыя людзі, сталі асушаць балоты, ракатаць на трактарах, мацюгацца на чорта і бога. Выйшаў Чорт са сваёй луміны і пайшоў уверх па Абалянцы шукаць ціхае месца. Але такога месца знайсці не змог. Тады ў вялікай крыўдзе скокнуў ён высока пад воблака, ударыўся аб зямлю і праваліўся. На гэтым месцы адбыўся выбух, пырснуў вялізны слуп вады, уздрыгнулася зямля.

Месца гэта пачалі называць прорвай. Туды сталі баяцца хадзіць людзі і пускаць жывёлу. Побач утварылася мноства крыніц з ледзяной вадой.

Прайшлі гады, многа чаго змянілася, але паданне пра Чорта і Чортаў камень памятаюць і сёння.

Ірына Гарбачова, студэнтка 4 курса ФБФК.

 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack