Вход в систему



Просмотры материалов : 124441

Студенту

Падарунак краіне пад белымі крыламі PDF Печать E-mail

Калектыў, дзе я працую, беларускамоўны, і мы з радасцю віншава-лі  21 лютага адзін аднаго з Міжнародным днём роднай мовы, якую любім, на якой гаворым, думаем  і нават бачым сны. А вы? У гэты дзень мне хацелася б паразмаўляць з вамі па-беларуску, паважаныя чытачы.

Адкажыце, ці спакойна вы можаце перайсці на беларускую мову ў гутарцы? На жаль, у многіх узнікне пачуццё збянтэжанасці, хвалявання, сарамлівасці, закамплексаванасці, а часам і варожасці, прычым у тых, хто лічыць сябе беларусам па нацыянальнасці. Дзіўна…Затое я ведаю шмат людзей, якія, прыехаўшы на Беларусь з іншых краін, вывучылі няродную ім мову і загаварылі па-беларуску ў штодзённым жыцці. У адной групе ва ўніверсітэце я вучылася з дзяўчатамі, карані якіх паходзяць з Расіі, але гэта ім не зашкодзіла паступіць на факультэт беларускай філалогіі  і выдатна ведаць нашу мову. Мая знаёмая ўкраінка выйшла замуж за беларуса і цяпер размаўляе па-беларуску, не забываючы родную ўкраінскую. Ці яшчэ цікавы выпадак: неяк амерыканка пачула ў сябе на радзіме беларускую мову і вырашыла пераляцець акіян, каб вывучыць другую па мілагучнасці мову свету.

А ведаеце, як лепш прэзентаваць сябе за мяжой? Загаварыць па-беларуску. Незвычайнае пытанне пачулі  неяк мы з сябрамі ў Львове ў грамадскім транспарце: “Вы з Беларусі і размаўляеце не па-руску?”. “Так”, – адказалі мы. Аказваецца, мужчына думаў, што беларусы забыліся на сваю мову, а тут факт у вочы, і запаважаў, і падзякаваў… Незвычайнае пачуццё: чуць словы падзякі ад замежніка, што ты на роднай мове размаўляеш. І тое блізкае замежжа. Падобныя выпадкі здараліся са мной і ў Еўропе, калі немцы ці французы чулі падобную на рускую, але не яе, мову і праяўлялі да цябе цікаўнасць.

Сёння ўбачыць, як адносіцца чалавек да беларускай мовы, можна звярнуўшыся да яго на ёй. У многіх спрацоўвае абарона кшталту напад: цябе пачынаюць папракаць у недасканалым веданні мовы, у імкненні “вылучыцца”.  Неяк давялося ўдзельнічаць у дыскусіі, што такое талерантнасць, дык закранулі і мову. Хтосьці скажа, што, можа, не зусім правільна суадносіць гэтыя паняцці. Аднак дыскусія была кшталту, чаму той, хто не размаўляе па-беларуску, вінен цярпець беларускамоўнага суразмоўцу. Маўляў, трэба пераходзіць на агульную мову – рускую, але чамусьці не беларускую. Сумна…Як і тое, што ў канцы 2009 года ЮНЭСКА выпусціла “Атлас моваў свету”, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дзе знайшлося месца і нашай роднай мове, беларусы.

Таму няхай найлепшым падарункам, які мы можам зрабіць краіне пад белымі крыламі, станецца наша размова па-беларуску штодзённа.

З Днём роднай мовы, сябры!
Ірына ЛОБАН.

 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack