Вход в систему



Просмотры материалов : 124439

Студенту

У Камаях час спыняецца PDF Печать E-mail

Камаі – невялікая вёсачка на Пастаўшчыне на беразе возера Камаі, дзе пачынаецца рака Камайка (правы прыток ракі Бірветы). Захаваліся звесткі пра тое, што Камайка была суднаходнай ракой. Па ёй сплаўлялі лес і быў пракладзены транспартны шлях. Раку ў гэтых мясцінах выкарыстоўвалі не толькі як транспартную артэрыю, але яшчэ і як ахоўны роў, які дазваляў абараняцца ад няпрошаных гасцей. Сёння Камайка ўжо амаль уся перасохла. Па былым рэчышчы бяжыць невялікі ручай. Але мясцовыя жыхары ставяцца да сваёй рэчкі і сваёй гісторыі вельмі паважліва.

Існуе думка, што назва вёскі паходзіць ад фінскага слова kamai, што азначае «хлам», «буралом».  Магчыма, пасля стыхійнага бедства берагі возера і ракі былі завалены бураломам, што і стала прычынай  з’яўлення такой назвы паселішча.  У гэтай версіі ёсць і матэрыяльнае пацвярджэнне: у даваенны час (да Другой сусветнай вайны) на дне ракі Камайкі знаходзілі 12-мятровыя карані дуба-тапляка.

Людзі на Камайшчыне з’явіліся даўно. Аб гэтым сведчыць старажытнае гарадзішча VIIст. да н.э. – I-IV ст. н.э., якое знаходзіцца на левым беразе Камайкі.

У Камаях было шмат гаспадароў: князі Пронскія, шляхцічы Рудаміны-Дусяцкія, Сілістроўскія. Апошнія валодалі імі аж да ХХ стагоддзя. А яшчэ ў вёсцы і сёння памятаюць імя вядомага ў Еўропе арганіста Браніслава Руткоўскага (1898-1964). Менавіта тут, у Камаях, у сям’і Юзафа і Марыі Руткоўскіх нарадзіўся хлопчык, які пазней стаў вядомым музыкам. Ён іграў у Будапешце, Парыжы, Франкфурце, Бруселі. Быў  рэктарам Вышэйшай музычнай школы ў Кракаве, стаў заснавальнікам фестывалю арганнай музыкі, які потым стаў міжнародным.

Ёсць у Камаях незвычайнай прыгажосці касцёл святога Яна Хрысціцеля. Знаходзіцца сакральны будынак ў цэнтры вёскі на скрыжаванні дарог. Тут у сярэднявеччы сыходзіліся адразу пяць напрамкаў. Будаўніцтва храма распачалося ў 1603 годзе, дзякуючы намаганням Рудамінаў-Дусяцкіх, і скончылася праз тры гады. Імя архітэктара невядома. Кажуць, што будаўніцтвам займаўся мясцовы майстар. Інтэр’ер храма абарончага дойлідства  багата аздоблены. Касцёл славіцца старадаўнім арганам і абразом  Чанстахоўскай Маці Божай, а таксама работай мастака Альфрэда Ромера «Ісус Хрыстос і сірата» (1897). Дарэчы, у мінулым годзе прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 400-годдзя знаходжання ў святыні вядомага абраза Багародзіцы. Храм выстаяў падчас войнаў XVIII-XIX стст.: Паўночнай і 1812 года. І сёння ўражвае сваімі магутнымі круглымі вежамі. Пра былыя ліхалецці нагадваюць ў сценах святыні толькі ядры ад шведскіх гармат.

Недалёка ад храма можна ўбачыць вялікі каменны крыж, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю XV-XVI стст. У яго свая загадка: на адным з бакоў – трохвугольнае паглыбленне і чатыры рады ледзь прыкметных знакаў. Да цяперашняга часу так ніхто і не можа дакладна растлумачыць, што яны абазначаюць. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта крыж верхняга купала касцёла, які праваліўся пад зямлю, ратуючы людзей ад ворага.

Звычайна, калі трапляеш у невялікія мястэчкі і вёсачкі,  ёсць адчуванне, што час спыняецца. Сапраўды, тэмп жыцця тут зусім іншы, але, можа, па гэтай прычыне такімі месцамі цікавяцца людзі, якія вандруюць па роднай краіне.

Надзея Зуева,

студэнтка 3 курса ФБФК.

 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack