Вход в систему



Просмотры материалов : 124436

Студенту

Не саромцеся размаўляць на роднай мове PDF Печать E-mail

“Девушка, у Вас были русские слова” – з такой заўвагай звярнуўся да мяне хлопец у аўтобусе ў час, калі мы размаўлялі з сяброўкай на роднай мове. На пытанне: “Якія?”. Ён замяўся і ледзь чутна прамовіў: “Ну, были...” І тут завязалася гутарка.

Хлопцы сядзелі насупраць і трымалі кожны па бутэльцы піва ў руцэ. Спачатку доўга прыслухоўваліся да нашай мовы, паціху адглытваючы напой з бутэлек. Потым зусім перасталі піць. Ці то ад здзіўлення, ці то з-за цікаўнасці… І нарэшце, калі мы звярнулі на іх увагу, прагучала тая самая заўвага. Падчас размовы у нас спрабавалі высветліць, чаму мы гаворым па-беларуску, ці заўсёды, дзе… І чаго мы не чакалі, што нас проста пашкадуюць.

Дзіўна, але памятаю, як у 1990-я гады яшчэ дзяўчом чула ў грамадскім транспарце беларускамоўныя гутаркі. Рэакцыя людзей таксама была розная, часта адмоўная і нават агрэсіўная. А сёння, калі беларуская мова – дзяржаўная мова нашай краіны, упэўніваюся, што залежыць усё ад людзей і іх асабістага стаўлення да носьбітаў роднай мовы. Бо зараз у грамадстве існуе памылковая думка, што той, хто размаўляе па-беларуску, альбо настаўнік, альбо апазіцыянер. Ад чаго становіцца сумна. Шмат маіх знаёмых таксама казалі мне, што ты размаўляеш на роднай мове, бо скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры. Так, адукацыя ўдасканаліла мае веды, але ўсведамленне любіць нашу мову, думаць і гаварыць на ёй – прыйшло значна раней. І сёння размаўляць па-беларуску для мяне – гэта тое самае, што дыхаць чыстым паветрам, проста каб жыць. І я ведаю шмат людзей, якія гавораць на роднай мове з простай прычыны, таму што яна родная. З маіх назіранняў па гэтай жа прычыне беларускія словы гучаць з вуснаў хлопцаў і дзяўчат розных факультэтаў нашага універсітэта – мастацка-графічнага, юрыдычнага, гістарычнага і іншых. Яны свабодна размаўляюць на матчынай мове штодзённа.

Многія ведаюць, што ўжо больш за 10 гадоў 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, але не ўсе ведаюць чаму. Гэты Дзень быў абвешчаны на 30-й сесii ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш у 1999 годзе.  Бо 21 лютага ў 1952-м загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Таму сёння, калі мы чуем у грамадстве беларускую мову, мы не павінны адварочвацца ад яе, мы не павінны выпраўляць сваіх дзяцей, калі яны спрабуць гаварыць на матчынай мове. Бо аднойчы чула, як адна маці злосна крыкнула на дзіця ў тралейбусе: “Я сказала Площадь Победы”, – калі хлопчык паўтарыў за беларускамоўным агучваннем прыпынкаў “Плошча Перамогі”. Гэта было так па-дзіцячы, таму што малы падсвядома адчуў роднасць беларускіх слоў.

Мудрыя людзі кажуць, што, калі хочаш нешта змяніць, трэба пачаць з сябе. Пачаць не саромецца, пачаць гаварыць, няхай з памылкамі. І вось тут ужо будзе справа філолагаў выправіць цябе. І паверце ў вас з’явіцца павага да самога сябе, а яшчэ вас будуць паважаць іншыя. І я пераканана, лепшая візітоўка беларуса, як у сябе дома, так і за мяжой, – размова на матчынай мове.

Ірына Лобан.

 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack