|
Шмат на зямлі людзей, гарадоў і вёсак, шмат маленькіх, амаль забытых куточкаў дзяцінства, парослых травою двароў і хат. Шмат дарагіх сэрцу ўспамінаў. З цягам часу яны забудуцца зусім, але адзін з іх, самы яркі і даўні, захаваецца да скону жыцця…
Цёплы дзень. Іду па вуліцы і ўдыхаю той непаўторны пах, які бывае толькі восенню – пах чырвонага і жоўтага лісця, зялёных яблыкаў антонаўкі. І чамусьці так захацелася дадому, пабачыць родную хату, пагаварыць з суседзямі. Зноў не вытрымліваю і накіроўваюся ў сядзібу нашага роду. Там засталася адна толькі хата, узятая ў палон высокай травою. Здаецца, ужо нічога няма, але чаму ж мяне так цягне сюды, цягне паглядзець на вокны, абысці вакол сажалкі, калодзежа?
Калі я была яшчэ маленькай, чула адну дзіўную гісторыю-легенду. Мне захацелася паслухаць яе зноў. Шмат тых, хто ведаў паданне, ужо няма ў жывых, але я знайшла жанчыну, якая дапамагла мне ўспомніць.
Гісторыя адбылася ў 1812 годзе, калі боты французскіх жаўнераў тапталі нашу гаротную зямлю. У той час жыў адзін чалавек. Звалі яго Прохарам. Жыў ён на хутары Еськаўшчына, таму мясцовыя час ад часу называлі яго Еськам. Быў ён чалавекам ціхім і мірным, жыў заможна, меў вялікую гаспадарку, дом неблагі і шмат жывёлы. Але аднойчы летам здарылася вялікая бяда. Жонка Прохара зраніцы пякла хлеб, іншыя члены сям’і займаліся, хто чым. Калі ж хтосьці зірнуў у вакно, то пабачыў, як чацвёра французаў едуць на хутар. Жыхары ў чым былі, у тым і выбеглі на двор і пахаваліся. Толькі жонка схапіла яшчэ гарачы хлеб, загарнула яго ў ручнік і таксама пакінула хату. Французскія коннікі спешыліся, абыйшлі сядзібу, але нікога не знайшлі. Тады яны вырашылі спаліць хутар. Хутка ў руках французскага афіцэра запалала паходня. Праз хвіліну ўжо гарэла і сама хата, агонь цалкам ахапіў саламяны дах. Гарэлі пабудовы вакол яе. На гэта ўсё глядзеў Прохар. Але, калі афіцэр паднёс паходню да пчальніка, сэрца гаспадара не вытрымала – у адным з вулляў ляжалі грошы. Прохар ірвануўся наперад, ён поўз па зямлі, поўз на смерць, каб выратаваць сямейнае багацце. Салдаты паселі на коней і ўжо пачалі ад’язджаць, але заўважылі чалавека. Адзін з іх пад”ехаў да мужчыны і паласнуў яго шабляй, разрэзаўшы бок і ўвесь жывот. А сам развярнуў каня і прышпорыў яго. Стогнучы ад болю, Прохар застаўся ляжаць. Калі французы досыць далёка ад’ехалі ад сядзібы, жонка падбегла да мужа, мякішам хлеба заляпіла рану і перавязала ручніком. Прохар ўсё жыццё ратаваў хлеб, а хлеб выратаваў яго, стаўшы часцінкай яго цела.
Дакладна невядома, колькі Прохару было гадоў, калі ён памёр, але ён дажыў да глыбокай старасці. Смерць была недарэчнай і наступіла яна пасля таго, як Прохар з”еў скібачку гарачага хлеба.
Я ганаруся гэтым чалавекам, бо Прохар – мой прапрадзед па бацькавай лініі. Ён быў працавіты, выхаваў трох сыноў, аддана служыў пану Мількавіцкаму, які вызначаўся сваёй дабрынёй. Аднойчы пан сказаў Прохару: «Дзе хочаш, дзе табе больш падабаецца, там і жыві», – і прапанаваў тры вёскі: Бараўцы, Крывіна і Бікложу. Прохар выбраў Крывіна, дзе тады было ўсяго толькі шэсць хат. Калі мой прапрадзед пабудаваў новы дом, ён стаяў прыкладна на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца хата маёй суседкі, Раісы Фёдараўны Санько. Яна і расказала пра майго прапрадзеда, за што я вельмі ўдзячна ёй.
Важна ведаць і памятаць гісторыю сваёй малой радзімы, любіць яе, як маці, як бацьку, як жыццё. І пры магчымасці наведваць свае родныя мясціны.Трапна пра гэта сказаў Рыгор Барадулін:
«Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці».
Марыя Санько, студэнтка 3 курса ФБФК.
|