Вход в систему



Просмотры материалов : 124432

Студенту

Не быць абыякавым да жыцця PDF Печать E-mail

Што цікавіць моладзь, як яна праводзіць свой вольны час? Каб адказаць на гэтыя пытанні, пройдземся па вуліцах горада надвячоркам. Менавіта ў гэты час яны быццам ажываюць: кампаніі, альбо “тусоўкі” падлеткаў акупуюць практычна ўсе магчымыя месцы. З сумам глядзіш, як ледзь прытомнага, на моцным падпітку хлопца вядуць міліцыянеры; пазіраеш на размаляваную, нібы тую цацку, дзяўчыну ў міні-спадніцы, такой міні, што думаеш: “І не сорамна ёй”. Чуеш, як малыя хлапчукі брыдкасловяць так, што ад гэтага пачырванела бы сама Маргарэт Тэтчар. «Чаму мы бачым менавіта такую моладзь? Чаму падлеткі забываюцца на ўсё праз спіртное, злачынствы, амаральныя паводзіны?» Паверце, я не па чутках ведаю пра гэтыя праблемы. Не пабаюся і паспрабаваць адказаць на пытанне. Ёсць простыя маленькія прычыны вялікім і складаным праблемам. Гэта глупства і сум. І вясковай, і гарадской моладзі няма чым заняць сябе. Галоўная перашкода – адсутнасць жадання і гультайства, мары пра лёгкае і бесклапотнае жыццё. Таму часцей і спасылаюцца гэтыя «дарослыя дзеці», што быццам яны занятыя вырашэннем важных сур’ёзных пытанняў. Аднак не ведаюць яны, што з дапамогай алкаголя праблемы не знікнуць. А вось стан пахмелля будзе – факт. І гэта ў маладыя гады… Ды і не можа ў падлетка быць столькі “праблем”! Паглядзіце на дарослых: працуюць, плацяць за камунальныя паслугі, набываюць ежу, вопратку, даглядаюць і выхоўваюць дзяцей…Часам у іх адпачынак – гэта толькі сон. Таму няма чаго скардзіцца моладзі.

Другі вольны занятак падлеткаў сёння – Сеціва. Большасць з іх сядзіць у сацыяльных сетках суткамі. Цяпер моладзь спісвае сцены не дамоў, а “Кантакту” ці “Аднакласнікаў”. На жаль, збольшага, гэта пустыя размовы пра тое, як апрануцца ці якой касметыкай карыстацца…Моладзь не цікавяць сапраўдныя праблемы грамадства, яны не разважаюць пра экалогію, зрэдку захапляюцца літаратурай і тэатрам.

Блуканне па вуліцах і Сеціва – вось галоўныя заняткі моладзі. З гэтага вынікае пасіўнасць і абыякавасць да ўласнай будучыні. Радасць шукаецца ў спіртным.

Ведаеце, штодзень я сустракаю аднаго і таго ж дрэнна апранутага маленькага хлопчыка гадоў шасці, які ідзе здаваць бутэлькі, каб набыць сабе хлеба. Яго бацькі тым часам адпачываюць ля крамы, думаючы, дзе знайсці грошы на віно. Так хочацца падысці і надаваць па тварах гэтым людзям, але злосцю нічога не выправіш. Хаця разумею, што менавіта дарослыя прымусілі маленькае дзіця вырашаць праблему здабывання ежы замест таго, каб гуляць з цацкамі і радавацца бесклапотнаму дзяцінству. Вось так гэты хлопчык і становіцца занадта рана дарослым, стамляецца ад праблем і ці не факт, што потым, як і яго бацькі, будзе шукаць іх вырашэнне ў чарговай бутэльцы віна.

Маргарыта Сяменас, вучаніца 10 «А» класа УА «Пастаўская дзяржаўная раённая гімназія».

 

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Joomla Templates by Joomlashack