|

Персанальная выстава старшага выкладчыка кафедры выяўленчага мастацтва Сяргея Сотнікава «Паміж Псковам і Смаленскам» разгорнута зараз ў Віцебскай абласной бібліятэцы. У экспазіцыі прадстаўлены пераважна эцюды, напісаныя з натуры падчас двух пленэраў, якія адбыліся ў Пскове і Смаленску. Дарэчы, апошні пленэр быў арганізаваны ў мінулым годзе ўпершыню ў межах дамовы паміж ВДУ і Смаленскім універсітэтам. На ім С.Сотнікаў не толькі кіраваў мастацкай практыкай групы віцебскіх студэнтаў, але і сам пісаў эцюды.
Цэнтральнае месца ў прадстаўленых у экспазіцыі кампазіцыях займаюць славутыя помнікі старажытнарускай архітэктуры і ландшафты гарадоў Расіі. «Назва ўсёй выставы у нечым сімвалічная,- адзначае С.Сотнікаў. - Справа у тым, што і Пскоў, і Смаленск, – гарады размешчаныя на карце зверху і знізу ад Віцебска, напоўнены выдатнымі помнікамі архітэктуры. У той час як Віцебск, з такой жа старажытнай гісторыяй, пахваліцца такім багаццем не можа…Мы,на жаль, не змаглі захаваць сваю спадчыну, можа таму, што не так беражліва адносіліся і адносімся да свайго мінулага?!»
У беларускім мастацтве Сяргей Сотнікаў добра вядомы як жывапісец, скульптар і нават куратар шэрагу мастацкіх праектаў. У сваёй творчасці Сотнікаў звычайна тонкі філосаф, які заўжды імкнецца ў творах да нейкай вобразнай канцэптуальнасці, складанай і арыгінальнай кампазіцыйнай выразнасці. Але ў экспанаваных на дадзенай выставе эцюдах мастак дэманструе нам свае іншыя творчыя якасці. Тут склад яго думак і эстэтыка ўспрыняцця свету рэальна канкрэтныя, а часам нават дакументальна дакладныя. У эцюдах Сотнікаў асабліва ўважлівы да архітэктонікі помнікаў, непаўторнасці асобных элементаў і іх пластычнай распрацаванасці. Жывапіс мастака звычайна святланосны і сонечны. І менавіта святло адыгрывае важную ролю у стварэнні выразнага эмацыянальнага вобраза.
Сяргей Сотнікаў ў 1994 годзе скончыў наш мастацка-графічны факультэт, з 1999 года выкладае тут жывапіс, кампазіцыю і скульптуру, бярэ ўдзел у шматлікіх выставах, робіць аўтарскія праекты. Сёння ён сябра Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў.
Міхась Цыбульскі,
кандыдат мастацтвазнаўства.
Фотаздымак аўтара |