|

Знамянальнай падзеяй пачатку снежня стала адкрыццё ў Віцебскім мастацкім музеі персанальнай выставы Рыгора Клікушына “Графіка”. На вернісажы, прымеркаваным да 89-годдзя гэтага старэйшага віцебскага мастака, яго з гонарам усадзілі ў крэсла імянінніка і ўшаноўвалі як сапраўднага патрыярха графікі.
Аб інтэлігентнасці і высакароднасці, карэктнасці і сціпласці Рыгора Клікушына шмат цёплых слоў казалі яго вучні, а сёння вядомыя мастакі і педагогі, былыя выкладчыкі нашага універсітэта Фелікс Гумен, Леанід і Маргарыта Анцімонавы Узгадвалі вельмі плённую яго дзейнасць на пасадзе загадчыка кафедры выяўленчага мастацтва ў віцебскім педінстытуце ў 1964-1970-х гадах, казалі аб ролі яго асобы і творчасці ў культурным жыцці горада.
«Калі б я не працаваў у педінстытуце, - узгадвае Рыгор Клікушын, я б нічога гэтага не змог зрабіць. Гэта быў пачатак і разам з тым самы плённы час у маёй творчасці».
У экспазіцыі дадзенай выставы гледачы змогуць убачыць раней не экспанаваныя графічныя творы, сярод якіх, напрыклад, малюнкі пяром і акварэлі. Клікушына. Стоячы каля адной з іх з выявай чыгуначнага вакзалу, класік акварэлі Гумен не стрымліваў эмоцый: «Ты толькі паглядзі, як пакладзены дым ад паравоза!». Яшчэ адзін мой педагог і, як я ведаю, добры сябра Клікушына - мастак В.Дзежыц у такім выпадку казаў: «Смачна зроблена!»
У Віцебску мала хто ведае, што на радзіме мастака ў Сібіры ў в.Сладкова створаны фонд Рыгора Клікушына, які займаецца зборам матэрыялаў пра мастака, арганізацыяй яго выстаў, папулярызацыяй творчасці. Шматтомным выданнем кнігі ўспамінаў Клікушына, дзе вялікая частка прысвечана расійскаму этапу яго жыцця, зацікавіліся і ў Цюмені, а таму папрасілі мастака адзін з самвыдатаўскіх экземпляраў яго дзённіка перадаць у архіў гэтага горада.
А ў планах Вицебскага мастацкага музея пасля гэтай экспазіцыі прадставіць віцебскаму гледачу яшчэ адну цікавую і асабліва каштоўную галіну творчасці Рыгора Клікушына – яго малюнкі.
Міхась Цыбульскі,
кандыдат мастацтвазнаўства
Фота аўтара. |