|
У маі адбылася сустрэча студэнтаў-першакурснікаў мастацка-графічнага факультэта з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, прафесарам Анатолем Фёдаравічам Кавалёвым.
Анатоль Фёдаравіч гаварыў з намі амаль гадзіну. У аўдыторыі панавала цішыня – настолькі цікава было слухаць гэтага чалавека. Вайна быццам разгортвалася на нашых вачах – з першых да апошніх яе дзён. Цяжкія гады акупацыі, удзел у антыфашысцкай барацьбе, аблавы гітлераўцаў, падчас адной з якіх Анатолю Фёдаравічу, тады 16-гадоваму юнаку, прыйшлося праглынуць лістоўку з-за пагрозы выкрыцця. Фашысцкі лагер і пабег. Потым была служба ў Чырвонай Арміі. А.Ф. Кавалёў распавёў нам шмат пра яе ўнутраныя парадкі, узаемаадносіны паміж байцамі, цікавыя здарэнні. Расказаў і пра цяжкае раненне і сваё выратаванне: радавы Кавалёў лічыўся забітым, і яго ўжо збіраліся пахаваць, але адзін з камандзіраў, нешта заўважыўшы, прыставіў люстэрка да вуснаў байца, і тое крыху запацела. Так лёс уратаваў А.Ф. Кавалёва ад пахавання жывым. Пры аповедзе пра вызваленне Германіі Анатоль Фёдаравіч зрабіў важнае адступленне: яго вельмі абражаюць сучасныя меркаванні, быццам савецкая армія тварыла на тэрыторыі гэтай краіны тое ж самае, што і фашысты на савецкай зямлі. Гэта няпраўда. “Мы ваявалі з фашызмам, а не з нямецкім народам,” – кажа ветэран.
Пасля вайны А.Ф. Кавалёў скончыў Ленінградскую акадэмію мастацтваў. Зараз ён працягвае тварыць у Віцебску, выкладае малюнак і жывапіс на мастацка-графічным факультэце нашага універсітэта.
Штогод 9 мая А.Ф. Кавалёў удзельнічае ў парадзе Перамогі. Гэтага чалавека заўсёды проста заўважыць у калоне ветэранаў: на ім заўсёды гімнасцёрка, пілотка, а на нагах – кірзавыя боты – форма той далёкай вайны... Адным словам, салдат і сёння салдат.
Аліна Цвяцінская, студэнтка 1 курса МГФ. |