|
Дзень адчыненых дзвярэй прайшоў у нашай ВНУ ў апошнюю нядзелю студзеня і быў прымеркаваны да Дня беларускай навукі. Выпускнікі школ, а таксама іх бацькі – усяго каля 150 чалавек – прыйшлі на сустрэчу з адміністрацыяй універсітэта, дэканамі і выкладчыкамі факультэтаў. Хлопцы і дзяўчаты атрымалі інфармацыйныя буклеты і брашуры «Абітурыенту 2012».
Сюрпрызам мерапрыемства стаў канцэрт, падчас якога школьнікі адчулі творчую атмасферу ВНУ, упэўніліся, што, калі стануць студэнтамі, іх чакае цікавае і насычанае жыццё. Пасля канцэрта абітурыентам расказалі пра спецыяльнасці (у тым ліку і новыя), на якія будзе ажыццяўляцца прыём у гэтым годзе, а таксама пра мінулагоднія конкурсы і прахадныя балы. Працяг сустрэчы адбыўся ўжо на факультэтах, дзе выпускнікі школ падрабязней даведаліся пра спецыфіку навучання, змаглі задаць пытанні дэканам. Па выніках маніторынгу, праведзеным факультэтам даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, больш за ўсё абітурыентаў зацікавілі юрыдычны факультэт, факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі, матэматычны і філалагічны факультэты. 82% з апытаных плануюць паступаць менавіта ў нашу ВНУ, астатнія разглядаюць яшчэ і іншыя вырыянты. Варта адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам большасць абітурыентаў ужо дакладна вызначыліся са спецыяльнасцю і актыўна рыхтуюцца да паступлення, ходзяць на падрыхтоўчыя курсы або да рэпетытараў. На працягу лютага-сакавіка ў ВДУ пройдуць тыдні факультэтаў, падчас якіх зноў адбудуцца сустрэчы з абітурыентамі. Таксама яшчэ ёсць магчымасць запісацца на падрыхтоўчыя курсы ва ўніверсітэце. Чакаем вас, абітурыенты! Лізавета ТРУШЧАНКА.
|