|
Студэнты пятага курса ФБФК, якія выбралі спецыялізацыю «Літаратурная работа ў газетах і часопісах», нядаўна вярнуліся з карэспандэнцкай практыкі. Два тыдні студэнты-практыканты на самой справе змагаліся за гонар звацца журналістамі. Некаторыя засталіся ў горадзе, у гарадскіх рэдакцыях, іншыя паехалі ў свой раён. Я ж паехала ў рэдакцыю Сенненскай раённай газеты «Голас Сенненшчыны».
Практыка была насычанай, плённай і цікавай. Было такое адчуванне, што я хадзіла на сапраўдную працу. А самі разумееце, адразу са студэнцкай парты, не вельмі прывычна і лёгка!
На працягу практыкі мне давялося прайсці школу сапраўднага журналіста. Сустрэлі мяне добра, пазнаёмілі з калектывам і ў той жа дзень далі першае рэдакцыйнае заданне. Яно на першы погляд здзівіла мяне, крыху напужала, але ж зацікавіла і прымусіла «ляцець» — шукаць матэрыял. Мне трэба было пісаць пра такую сельскагаспадарчую культуру, як часнок!
Акрамя гэтага я вычытвала газетныя палосы, хадзіла на бацькоўскія сходы ў школы, пісала артыкулы пра праблемы няўдалых сямей, пра ролю маці ў выхаванні дзяцей. Мне давялося паразмаўляць з інспектарамі па справах непаўналетніх, з арганізатарамі выхаваўчай работы школ — усё гэта я рабіла на працягу двух тыдняў.
Асаблівым для мяне было адно заданне па ўласнай ініцыятыве— творчая камандзіроўка ў вёску Пасад. Гэта было сапраўднае падарожжа!
35 кіламетраў ад горада, невядомая вёска, людзі. Трэба было браць інтэрвью ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Янчыленкі Міхаіла Панкрацьевіча. Давялося ехаць дзве гадзіны зімой на аўтобусе, прастаяць каля гадзіны на чыгуначным прапынку—так я «лёгка» даехала да месца! Там, у вёсцы Пасад, за мной бег і злосна брахаў сабака, пакуль я дайшла да патрэбнай хаты. Мяне гасцінна сустрэла дачка ветэрана і папярэдзіла, што Міхаіл Панкрацьевіч дрэнна размаўляе і не ўсё памятае пра вайну—яму ўжо 90 гадоў. Але пра асноўныя падзеі, цікавыя выпадкі, пра ваенныя званні і ўзнагароды ветэрана я даведалася дзякуючы каментарыям яго дачкі і прадстаўленым дакументам. Пасля інтэрвью, убачыўшы, што часу да аўтобуса амаль не засталося, я падзякавала гаспадароў за размову і пабегла да аўтобуснага прыпынку два кіламетры па марозе, па занесенай снегам вясковай дарозе. Літаральна праз хвілінку пасля прабежкі падыйшоў аўтобус. Вось так можна стаць больш стройнай пры такім тэмпе!
На жаль, час карэспандэнцкай практыкі вельмі хутка праляцеў, бо яна прцягвалася ўсяго два тыдні.
Ірына Гарбачова,
студэнтка 5 курса
ФБФК. |