|

– Вы ж толькі зберажыце гэты дакумент, – працягваючы студэнцкі білет узору 1935 году, просіць Л.С. Дз’ячэнка, дацэнт кафедры педагогікі ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. – Гэта рэліквія маёй матулі і нашай сям’і.
Я асцярожна бяру з рук Ларысы Сямёнаўны невялічкую картонную кніжачку, раскрываю і пачынаю чытаць.
“Прад’яўнік гэтага Вярыга Элеанора Францаўна з’яўляецца студэнткай Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава трэцяга курса прыродазнаўчага факультэта”. Далей запіс сведчыць пра тое, калі выдадзены другі “пашпарт” і да якога года сапраўдны. Замацоўвае ўсё напісанае круглая пячатка, якая трошкі закрывае прыгожы дзявочы твар, з разумным і дапытлівым позіркам.
– Цікава, а якая сёння Элеанора Францаўна? – неяк раптоўна прабегла думка ў галаве.
– А ёй хутка споўніцца 93 гады, – быццам угадваючы маё пытанне, тлумачыць Ларыса Сямёнаўна. – У яе выключная памяць і розум. А вось здароўе, як кажуць, па ўзросце. А праз хвіліну дадае:
– А вы прыходзьце да нас дадому. Я пазнаёмлю са сваёй матулей. І вам, як кажуць, будзе карысна і ёй цікава пагутарыць з новым для яе чалавекам. Прымаю запрашэнне і ўжо праз некалькі дзён бягу ў госці да Элеаноры Францаўны.
Сустрэла мяне Ларыса Сямёнаўна і правяла ў кватэру. У адным з пакояў я ўбачыла бабулю, якая сядзела ў крэсле. З белымі, як лунь, валасамі, гладкі твар, толькі ля вачэй глыбокія маршчыны, доказ яе мудрасці і даволі сталых гадоў. Невысокага росту, у белай блузцы. Яе худзенькія плечы абгарнула вязаная кофта. Ногі, укутаныя ў шарсцяны плед. На каленях ляжаць рукі– спакойныя, выпрацаваныя. Вітаюся. Элеанора Францаўна ўпэўненым голасам адказвае на маё “Добры дзень” і запрашае бліжэй сядаць да яе. Сядаю. Гляджу ў яе блакітныя, але, на жаль, шкляныя вочы і вельмі шкадую, што не магу ў іх ўбачыць настрой, цеплыню і хараство яе душы. Ужо чатыры гады, як гэтая жанчына пазбаўлена самага дарагога – зроку. Цяпер вочы дачкі сталі і яе вачыма.
– Мамачка, – звяртаецца да матулі Ларыса Сямёнаўна. – Гэта рэдактар нашай універсітэцкай газеты. І пачынае апісваць мяне. Шчыра прызнацца, неяк не вельмі ёмка слухаць пра сябе, і таму я хуценька перабіваю Ларысу Сямёнаўну і вельмі моцна, на ўвесь пакой, прашу Элеанору Францаўну расказаць пра яе вучобу ва ўніверсітэце, працу.
– Нарадзілася я ў Рудні Смаленскай вобласці. Але дзяцінства прайшло ў Полацку. Сюды перавялі на працу майго бацьку, служачага чыгункі. Закончыла 59–ю Чыгуначную школу, потым курсы, арганізаваныя пры інстытуце, і паступіла вучыцца на прыродазнаўчы факультэт. Гэта было ў 1933 годзе. Вучылася вельмі добра і атрымлівала павялічаную стыпендыю памерам у 60 рублёў. Са мной у інтэрнаце жыла сірата, з якой дзялілася ўсім, што мела сама. Мне было трошкі лягчэй, чым той дзяўчынцы, бо мая маці дапамагала. Бывала, прыеду дадому, а ездзіла кожны тыдзень, бясплатны праязны білет (правізіёнка, бацька быў чыгуначнікам. - Заўвага аўтара) матуля насмажыць аладак, бульбачкі ў торбачку пакладзе, шматок сальца адрэжа, вось гэтым і харчаваліся. Хлеба нам выдавалі на дзень трыста грамаў. Памятаю, як аднойчы купілі хлеб, а каштаваў ён тры рублі, але з’есці не змаглі – разам з мукой быў замешаны пясок, які трашчэў на зубах. Я колькі працавала, столькі расказвала школьнікам, як сталі мы ахвярай падману. Гэта пачуццё і сёння жыве ў маёй памяці. Сказала і змоўкла, відаць, прыгадала яшчэ штосьці з мінулага. Цішыня даволі зацягнулася і, каб павярнуць размову ў патрэбнае рэчышча, я пытаюся: “Якія былі выкладчыкі ўніверсітэта і іх лекцыі?”

– Выкладчыкі былі шчырыя, добрыя, а вось іх лекцыі былі слабыя. Тое, што нам чыталі, было такім далёкім ад усяго перадавога. Вы ж самі ведаеце, што навука не стаіць на месцы, а хімія тым больш. Калі я пайшла працаваць, то перавучвалася самастойна.
– Элеанора Францаўна, Вы сказалі што добра вучыліся ў школе. Па ўсіх прадметах былі толькі выдатныя адзнакі. А чаму вы выбралі хімію?
– Што я аддала перавагу хіміі, гэта, безумоўна, – заслуга маёй настаўніцы Марыі Уладзіміраўны. На жаль, не памятаю яе прозвішча. Яна так прыгожа і цікава праводзіла ўрокі, у яе так гарэлі вочы, калі мы разбіралі хімічныя ўласцівасці элементаў табліцы Мендзялеева ці праводзілі вопыты, што і мне хацелася быць да яе падобнай.
– І Вы сталі такой?—пытаю.
– Напэўна. Але я яшчэ была і строгай, патрабавальнай, але справядлівай. Няхай скажа мая Лорачка. Яна вучылася ў мяне. Я нікому не давала спуску, асабліва гультаям. Затое і ведалі мой прадмет і маглі паступіць у любую ВНУ. Мая Ларыса, напрыклад, закончыла Ленінградскі педагагічны інстытут імя Герцэна, хімічны факультэт. І хімію вучыла на англійскай мове. Пасля ў яе была аспірантура пры Навукова-даследчым інстытуце тэорыі і гісторыі педагогікі ў Маскве. Я ганаруся ёй, як і сынам Алегам. Ён урач. Унукамі, якія таксама закончылі мой інстытут. Дачка сына – доктар біяхімічных навук, прафесар. Працуе ў вашым універсітэце на біялагічным факультэце. Дачка Ларысы – магістр філалагічных навук, жыве ў Санкт-Пяцярбурзе. Яна працуе псіхолагам.
– Вы ж, напэўна, з павагай адносіцеся і да сваіх былых вучняў. А колькім школьнікам дапамаглі знайсці сваю сцяжынку ў жыцці, ці лічылі? – задаю наступнае пытанне Элеаноры Францаўне.
– Не лічыла ніколі. Але ведаю, што многія былыя выпускнікі 15-й школы, цяпер гімназіі № 1 удзячны за маю навуку. Яшчэ ў далёкія 70-ыя я адна з першых пачала прымяняць інавацыйныя метады навучання. Праўда, яны ў той час так не называліся. Заліковая сістэма, дыферынцыйны падыход да вывучэння прадмета, індывідуальная праца са здольнымі дзецьмі – гэта я прымяняла вельмі шырока. Такая работа давала станоўчыя вынікі. Школьнікі станавіліся пераможцамі Усесаюзных завочных алімпіяд па хіміі. Інакш не магло і быць. Хімія – гэта навука ўсіх навук. Сорак гадоў свайго жыцця я прысвяціла любімай працы настаўніка і любімаму прадмету, – сказала Элеанора Францаўна, правяла пальцамі па твары і змоўкла. А калі Ларыса Сямёнаўна наліла гарбаты і падала мамачцы (так ласкава і на Вы называе яна яе. Заўвага аўтара), размова ўзнавілася зноў.
Элеанора Францаўна расказвала пра мінулае. Яна нетаропка вяла аповед. Але за кожным сказам, за кожнай думкай, рухам прасочвалася і адчувалася, што гэта чалавек чысцейшай душы, высокай інтэлігентнасці, такта, арыстакратычных манер. Нягледзячы на тое, што Элеанора Францаўна не бачыць ( інвалід па зроку першай групы), але яна слухае тэлевізар і ведае, што адбываецца ў свеце. Яна сочыць за навінамі рэспублікі і знае, што хутка адбудуцца выбары Прэзідэнта нашай краіны, і яна, былая настаўніца, “Выдатнік народнай асветы”, мабыць прагаласуе за сённяшняга Прэзідэнта, голас якому аддала, калі збіралі подпісы.
І чым больш я слухала, тым больш здзіўлялася яе мудрасці, жаданню жыць. І раптам ў маёй галаве ўсплыла адна народная мудрасць, пра тое, што Бог чалавеку даў два калены, каб адно схіліць перад урачом, а другое – перад настаўнікам. Перад Элеанорай Францаўнай патрэбна не толькі схіляць калені, але пакланіцца нізка-нізка…
Амаль дзве гадзіны, якія правяла ў гасцях у Элеаноры Францаўны Данчанкі, прабеглі, што дзесяць хвілін. Мне не хацелася пакідаць Элеанору Францаўну, яе ўнука Васіля, які даглядае штодзень бабулю, ні Ларысу Сямёнаўну, якая так шчыра клапоціцца пра сваю матулю, але я мусіла. Не хацела стамляць паважанага чалавека. Але выходзячы з кватэры, я не стрымалася і спытала гаспадыню:
– Элеанора Францаўна, з якімі думкам і вы кладзяцеся спаць і з якімі прачынаецеся?
– Я малюся. За жывых, за родных і блізкіх. За тых студэнтаў, якія памерлі ад туберкулёзу падчас вучобы. А з сённяшняга дня буду маліцца за вас і за Беларусь.
Настасся ЛАЗЕБНАЯ.
На здымку: Э.Ф. Данчанка з дачкой Л.С. Дз’ячэнка.
Фота аўтара.
Студэнцкі білет узору 1935 года |